9 красавіка заснавальнікі Асацыяцыі каардынацыі грамадскіх аб’яднанняў “Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў” атрымалі ліст зь Міністэрства юстыцыі за подпісам намесьніка міністра Аляксандра Сіманава, у якім паведамлялася пра адмову ў рэгістрацыі асацыяцыі. Такім чынам, чарговая спроба легалізацыі найбуйнейшага ў Беларусі аб’яднаньня няўрадавых арганізацыяў не прывяла да посьпеху.
Міністэрства абгрунтавала сваё рашэньне парушэньнямі парадку стварэньня асацыяцыі, якія быццам бы былі дапушчаныя пры заснаванні Асамблеі НДА. У прыватнасці, сьцвярджаецца, што ўстаноўчая дамова аб стварэньні асацыяцыі зьяўляецца несапраўднай, паколькі кіраўнікі арганізацыяў-заснавальнікаў Асамблеі НДА падпісалі яе бяз згоды кіруючых органаў гэтых грамадзкіх аб’яднаньняў. Таксама міністэрства адзначае, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаваньням заканадаўства, бо не ўтрымлівае ўказаньня на прадмет дзейнасьці членаў асацыяцыі.
На думку Юрыя Чавусава, які займаўся падрыхтоўкай матэрыялаў аб рэгістрацыі асацыяцыі, сапраўдная прычына адмовы палягае ня ў хібах працэдуры, а ў “нежаданьні прызнаваць падобныя асацыяцыі”. Устаноўчая дамова аб стварэньні Асамблеі НДА падпісвалася кіраўнікамі арганізацыяў-заснавальнікаў пасьля прынцяцця рашэньняў кіруючымі органамі адпаведных грамадзкіх аб’яднаньняў. “Устаноўлены законам парадак быў выкананы, што пацьвярджаецца прадстаўленымі ў рэгіструючы орган пратаколамі праўленьняў і радаў арганізацыяў-заснавальнікаў” – адзначыў юрыст.
Што датычыцца ўказаньня ў назве асацыяцыі прадмету дзейнасьці арганізацыяў-заснавальнікаў, то гэтую прэтэнзію яны расцэньваюць як прынцыповую і зьбіраюцца аспрэчваць яе ў Вярхоўным судзе. На дадзены момант пазыцыя міністэрства юстыцыі палягае ў недапушчэньні аб’яднаньня арганізацыяў розных кірункаў, дазваляючы існаваньне толькі галіновых асацыяцыяў.
Таксама ў якасьці падставы для адмовы ў рэгістрацыі міністэрства спасылаецца на тое, што мэты арганізацыяў-заснавальнікаў не супадаюць са статутнымі мэтамі асацыяцыі. У прыватнасьці, Міністэрства юстыцыі прыводзіць у прыклад грамадзкае аб’яднаньне шматдзетных сем’яў “Сем Я”, якое мае на мэце аказаньне дапамогі шматдзетным сем’ям. У сваю чаргу, Асамблея НДА імкнецца да пабудовы грамадзянскай супольнасьці, і дзеля гэтай больш шырокай мэты аб’ядноўвае арганізацыі рознага характару дзейнасьці. Такім чынам, міністэрства убачыла парушэньне ў імкненьні да аб’яднанньня дзейнасьці арганізацыяў рознага характару.
Старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч адмову ў рэгістрацыі камэнтуе наступным чынам: “Я першапачаткова быў настроены даволі скептычна, паколькі існаваньне своеасаблівага прафсаюзу няўрадавых арганізацыяў для ўладаў не выгоднае. І, нават, у пэрыяд так званай лібэралізацыі яны пабаяліся яго легалізаваць. Для нас гэта – сьведчаньне адсутнасьці прагрэсу ў сфэры свабоды асацыяцыяў. Бо факты адмоваў у рэгістрацыі – шматлікія. Мы будзем абскарджваць рашэньне міністэрства юстыцыі і маем намер праз Вярхоўны суд абараняць магчымасьць стварэньня шырокай асацыяцыі грамадзкіх аб’яднаньняў”.
Варта адзначыць, што гэта ўжо другая спроба зарэгістраваць нацыянальную асацыяцыю грамадзкіх аб’яднаньняў. Ініцыятары стварэньня Асамблеі НДА падавалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі яшчэ ў 2002 годзе. Але тады яны атрымалі адмову, прычым з парушэньнем вызначаных законам тэрмінаў – праз паўтары гады. Гэтым разам адмова была дасланая ў вызначаны законам тэрмін.