Атака ўладаў на праваабарончыя арганізацыі – выклік для беларускай грамадзянскай супольнасьці
ПРЭС-РЭЛІЗ
Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў
09.12.2009
Сяргей Мацкевіч азнаёміў міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ і краінаў-удзельніцаў “Усходняга партнэрства” з прапановамі ўдзельнікаў першага Форума грамадзянскай супольнасьці
Выступ афіцыйнага сьпікера Форума адбыўся ў межах пасяджэньня кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў у Брусэлі 8 сьнежня.
Старшыня Рабочае групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч пракамэнтаваў вынікі сваёй паездкі ў Брусэль на пасяджэньне міністраў замежных справаў ЭЗ наступным чынам: “Факт удзелу сябраў кіраўнічай рады Форума грамадзянскай супольнасьці краінаў на міністэрскім пасяджэньні сьведчыць пра тое, што “Ўсходняе партнэрства” насамрэч пачынае дзейнічаць. Форум як інструмэнт новай палітыкі ЭЗ робіцца найбольш уплывовым. У межах свайго 10-хвіліннага выступу перада мной стаяла задача распавесьці высокім эўрачыноўнікам і іх усходнеэўрапейскім калегам пра вынікі супольнай працы прадстаўнікоў грамадзянскіх супольнасьцяў краінаў “Усходняга партнэрства” у фармаце Форума. З абавязкам па інфармаваньні міністраў я справіўся, пра што сьведчылі грунтоўныя камэнтары кіраўнікоў МЗС. Апроч гэтага, асобным пунктам майго дакладу было інфармаваньне эўрачыноўнікаў пра сытуацыю з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. У прыватнасьці, мной былі згаданыя факты выкраданьняў моладзевых лідэраў, а таксама адлічэньне з БДУ студэнткі Тацяны Шапуцькі за ўдзел у Форуме грамадзянскай супальнасьці”. Паводле словаў афіцыйнага сьпікера Форума Сяргея Мацкевіча, міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більдт назваў факт адлічэньня студэнткі Шапуцькі з унівэрсытэту абуральным і паабяцаў узяць дадзеную сытуацыю пад асабісты кантроль.
Сяргей Мацкевіч мяркуе, што Форум грамадзянскай супольнасьці здольны стаць эфэктыўным інструмэнтам “Усходняга партнэрства”, паколькі бачыць спрыяньне дзейнасьці дадзенай структуры на самым высокім узроўні. Падчас старшыньства Гішпаніі, якая зьменіць Швэцыю ў бліжэйшы час, “Усходняе партнэрства” мусіць паскорыць сваю хаду. Гэты намер пацьвердзіў прысутны на пасяджэньні гішпанскі дзяржсакратар па справах ЭЗ Дыега Лопэс Гарыда.
Афіцыйны Менск у Брусэлі прадстаўляў міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў, паводле якога Беларусь, Літва і Ўкраіна падрыхтавалі каля 20 супольных праектаў у сфэры энэргетыкі, транспарта, транзыту, памежнай інфраструктуры, супольнай культурнай і гістарычнай спадчыны. Між іншым, кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі падчас выступа сьпікера Форума Сяргея Мацкевіча адчуваў сябе няўтульна, а ў нейкі момант і ўвогуле пакінуў памяшканьне.
Кантактныя асобы:
Алёна Валынец, кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА, +375296516127
Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі, +375296512397
Электронная пошта: preskantakt@belngo.info
Атака ўладаў на праваабарончыя арганізацыі – выклік для беларускай грамадзянскай супольнасьці