Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 

Грамадзкія слуханьні: спроба дыялёгу

26 траўня адбыліся грамадзкія слуханьні па абмеркаваньні пытаньняў рэгістрацыі, правядзеньня праверак дзейнасьці і ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у Рэспубліцы Беларусь. Слуханьні, ініцыяваныя ініцыятывай “Наша Салідарнасьць”, сталі спробай грамадзкіх арганізацыяў абмеркаваць і знайсьці агульную мову з прадстаўнікамі дзяржавы па пытаньнях, якія тычацца дзейнасьці трэцяга сэктару краіны. На жаль, прадстаўніцтва дзяржаўных органаў было мінімальным: на слуханьнях прысутнічалі начальнік Упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Сухінін, спэцыяліст гэтага ж упраўленьня сп. Аляксандар Харытон, а таксама дэпутаты ПП НС, сябры дэпутацкай групы “Рэспубліка”. Тым не менш, актывісты ініцыятывы “Наша Салідарнасьць” разглядаюць слуханьні як першы публічны крок да дыялёгу з уладамі з моманту пачатку працы ініцыятывы.

У слуханьнях таксама узялі ўдзел прадстаўнікі шматлікіх грамадзкіх аб’яднаньняў з усёй краіны, прадстаўнікі амбасадаў і міжнародных арганізацыяў – АБСЭ, ААН.

Ва ўступным слове старшыня Праўленьня грамадзкага аб’яднаньня “Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў” Алена Танкачова, мадэратара слуханьняў, агучыла пытаньні, якія сталі прадметам далейшай дыскусіі: дзейнасьць рэспубліканскай камісіі па рэгістрацыі і перарэгістрацыі, дзейнасьць органаў юстыцыі ў працэсе рэгістрацыі, тэрміны рэгістрацыі, юрыдычны адрас, кантроль (праверкі), прымусовая ліквідацыя і інш.

Выступ старшыні Ўпраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі сп. Сухінін тычыўся працы Ўпраўленьня і мінюста, якая праводзіцца ў дачыненьні да грамадзкіх аб’яднаньняў падчас рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, праверкі іх дзейнасьці і ліквідацыі ГА.

“Некаторыя бачаць нас (Міністэрства юстыцыі) нейкім страшэнным зьверам, цэрберам, які перашкаджае дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, - сказаў сп. Сухінін. – У нас ніколі не было мэты перашкаджаць, мы толькі выконваем свае кантралюючыя функцыі згодна беларускаму заканадаўству”.

Сп. Сухінін адной з асноўных прэтэнзіяў да няўрадавых арганізацыяў пры рэгістрацыі вызначыў неадпаведнасьць статута арганізацыі дзеючаму заканаўдаўству. Менавіта гэта і робяцца прычынай да адмовы ў рэгістрацыі. Па яго словах, у працэсе праверкі дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў мінюст ніколі не дазваляе сабе пераступаць межы сваёй кампэтэнцыі. “У бок Міністэрства юстыцыі, нягледзячы на законапаслухманасьць яго супрацоўнікоў, ёсьць шмат прэтэнзіяў. Мы ўсе працуем ў прававой дзяржаве, падпарадкоўваемся адным законам, таму прэтэнзіі адзін да аднаго мусім прад’яўляць праз суд, за якім заўжды застаецца апошняе слова”, - заключыў сп. Сухінін.

Падчас адказу на шматлікія пытаньні прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў сп. Сухінін пракамэнтаваў “зачыстку” трэцяга сэктару наступным чынам: “Чатыры сінхронна пападзеных іскавых заявы аб ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў – не сыстэма, а выпадковы зьбег акалічнасьцяў. І ніякай палітычнай падаплёкі у гэтым няма”, - лічыць Міхаіл Міхайлавіч.

            У сваю чаргу старшыня ГА “Праваабарончы цэнтар “Вясна” Алесь Бяляцкі выказаў сваё стаўленьне да “зьбегу акалічнасьцяў”: “Мы ведаем, якія абставіны паўплывалі на закрыцьцё арганізацыяў: гэта і Рэзалюцыя ААН, дзе асуджаецца перасьлед няўрадавых арганізацыяў у Беларусі, і Акт аб дэмакратыі. Гэта сапраўды зьбег, але палітычных абставінаў”.

Супрацоўнік АБСЭ па пытаньнях чалавечага вымярэньня сп. Вадзім Целін у сваім выступе выказаў меркаваньне, што Рэспубліцы Беларусь варта прытрымлівацца эўрапейскіх нормаў і правілаў, дзеючых у дачыненьні да НДА.

У той жа час лідары грамадзкіх арганізацыяў ўсяляк выяўлялі сваю адкрытасьць і зацікаўленасьць у дыялёгу з уладамі. Старшыня Цэнтра па правах чалавека сп. Вера Страмкоўская прапанавала прыняць Дзяржаўную праграму аб дапамозе грамадзкім аб’яднаньням. Выканаўчы дырэктар ГА “Прававая дапамога насельніцтву” сп. Раіса Міхайлоўская прапанавала рэалізаваць супольны праект зь Міністэрствам юстыцыі па выданьні брашуры ў дапамогу заснавальнікам грамадзкіх аб’яднаньняў, а старшыня Праўленьня ГА “Незалежная таварыства прававых дасьледваньняў” сп. Алена Танкачова прапанавала праводзіць круглыя сталы ў мііністэрстве юстыцыі раз на 3 месяцы, сустрэчы няўрадавых арганізацыяў з прадстаўнікамі Ўпраўленьняў юстыцыі на месцах.

У заканчэньні слуханьняў была прынятая Рэзалюцыя, у якой падкрэсьліваецца неабходнасьць сталага дыялёгу паміж няўрадавымі арганізацыямі і дзяржаўнымі органамі. Удзельнікі слуханьняў акцэнтавалі, што абмен меркаваньнямі дазволіць вырашыць праблемы ўзаемаадносінаў грамадзкіх ініцыятываў і дзяржаўных органаў, дазволіць удаскналіць працэс стварэньня, станаўленьня і дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў. У Рэзалюцыі было выказана спадзяваньне на працяг дыялёгу і дабрасумленны пошук шляхоў далейшага збліжэньня беларускай практыкі з міжнароднымі стандартамі ў галіне права на асацыяцыю.


Кампанія "Наша салідарнасьць"
Грамадзкія слуханьні: спроба дыялёгу
Грамадзкія слуханьні: спроба дыялёгу
Грамадзкія слуханьні: спроба дыялёгу
Грамадзкія слуханьні: спроба дыялёгу
Грамадзкія слуханьні: спроба дыялёгу
Грамадзкія слуханьні: спроба дыялёгу