Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 

Тэкст прапановаў грамадзкіх актывістаў па зьменах заканадаўства аб грамадзкіх арагнізацыях

 

Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека (арт.20) і Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт.22), уважаюць права на свабоду асацыяцыў за фундамэнтальнае і неад'емнае, карыстаньне якім не падлягае абмежаваньням, апроч тых, што прадугледжаныя законам ды неабходныя ў дэмакратычным грамадзтве дзеля дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя і маралі, альбо абароны правоў і свабодаў іншых асобаў (п.2 арт.22 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох)..

Аналіз заканадаўства Рэспублікі Беларусь сьведчыць аб тым, што існае нарматыўнае рэгуляваньне зьяўляецца перашкодай для рэалізацыі грамадзянамі права на свабоду асацыяцыяў у нашай краіне ды супярэчыць міжнароднымі абавязкам Рэспублікі Беларусі. Гэты факт зьяўляюцца прычынай абгрунтаванай крытыкі з боку міжнародных арганізацыяў, сябрам якіх зьяўляецца Рэспубліка Беларусь.

Права на свабоду асацыяцыяў у Рэспубліцы Беларусь павінна быць адноўленае шляхам:

-  Неадкладнага дапасаваньня практыкі ўжываньня права да патрабаваньняў дзейнага заканадаўства, у духу павагі да агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права ў сфэры свабоды асацыяцыяў.

-  Выдаленьне з заканадаўства Рэспублікі Беларусь палажэньняў, якія перашкаджаюць стварэньню і дзейнасьці асацыяцыяў.

-  Распрацоўка і прыняцьцё нарматыўных актаў, што маюць стымуляваць разьвіцьцё грамадзянскіх ініцыятываў і патэнцыялу ўжо існых аб'яднаньняў.

Праваўжывальная практыка

Дзеяньні органаў дзяржаўнага кіраваньня і ўрадоўцаў павінны спрыяць рэалізацыі права грамадзянаў на свабоду асацыяцыяў:

-  Дзяржаўныя органы рэгістрацыі адпаведна патрабаваньням дзейнага заканадаўства павінныя сваечасова ажыцьцяўляць разгляд дакумэнтаў, пададзеных на рэгістрацыю грамадзкіх аб’яднаньняў.

-  Пастановы дзяржаўных органаў рэгістрацыі павінны грунтавацца на законе і быць матываваныя.

-  Дзяржаўныя органы рэгістрацыі павінныя адмовіцца ад “пашыраннага” (адвольнага) тлумачэньня абмежаваньняў права на свабоду асацыяцыяў і дзейнічаць выключна ў рамках тых абмежаваньняў, якія прадугледжаныя Канстытуцыяй, Агульнай дэклярацыяй правоў чалавека, Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох.

Выдаленьне з заканадаўства Рэспублікі Беларусі палажэньняў, што перашкаджаюць, стварэньню і дзейнасьці асацыяцыяў

Для аднаўленьня рэальнага права грамадзянаў на свабоду асацыяцыяў у першачарговым парадку належыць скасаваць наступныя палажэньні дзейнага заканадаўства:

Забарону на дзейнасьць ад імя незарэгістраваных аб’яднаньняў (арт. 167/10 Кодэксу РБ аб адміністрацыйных правапарушэньнях, арт. 5 Закону РБ “Аб друку ды іншых сродках масавай інфармацыі”, п.3 Дэкрэту прэзыдэнта “Аб некаторых захадах дзеля ўпарадкаваньня дзейнасьці палітычных партыяў, прафэсійных зьвязаў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”).

Забарону на выкарыстаньне ў якасьці юрыдычнага адрасу грамадзкіх аб’яднаньняў адрасоў ініцыятараў стварэньня ГА, разьмешчаных у жыльлёвым фондзе (арт.272 Грамадзянскага Кодэксу РБ і арт.8 Жыльлёвага Кодэксу РБ). Скасаваньне забароны можа быць ажыцьцёўленае праз прыняцьцё асобнага нарматыўнага акту, паводле аналёгіі з Дэкрэтам прэзыдэнта №29 ад 17 сьнежня 2002 г., які ўсталяваў законнасьць разьмяшчэньня юрыдычных адрасоў унітарных прадпрыемстваў па месцы жыхарства заснавальніка.

Дзейнасьць Рэспубліканскай камісіі па рэгістрацыі і перарэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў (артарт.2, 3 Дэкрэту прэзыдэнта №2 “Аб некаторых захадах дзеля ўпарадкаваньня дзейнасьці палітычных партыяў, прафэсійных зьвязаў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”, арт.7 Палажэньня “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі) палітычных партыяў, прафэсійных зьвязаў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў ды іх зьвязаў (асацыяцыяў)”, п.12 Пастановы Міністэрства юстыцыі РБ ад 1 сьнежня 2000 г. №22 “Аб зацьвярджэньні правілаў афармленьня і разгляду дакумэнтаў, пададзеных для дзяржаўнай рэгістрацыі палітычных партыяў, прафэсійных зьвязаў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама пастаноўкі на ўлік і дзяржаўнай рэгістрацыі іх арганізацыйных структураў”).

Патрабаваньне аб мінімальнай колькасьці ініцыятараў стварэньня грамадзкага аб’яднаньня (50 грамадзянаў). Скасаваньне можа быць ажыцьцёўленае шляхам прыняцьця новай рэдакцыі арт.8 Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”.

-  Тэрытарыяльнае абмежаваньне дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня ў залежнасьці ад яго тэрытарыяльнага статусу. Скасаваньне можа быць ажыцьцёўленае праз выкладаньне арт.6 Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” у новай рэдакцыі.

Распрацоўка і прыняцьцё нарматыўных актаў

Надалей распрацоўка і прыняцьцё нарматыўных актаў павінныя быць скіраваныя на сыстэмнае стварэньне варункаў для разьвіцьця патэнцыялу грамадзянскіх ініцыятываў шляхам наступных дзеяньняў:

-  Паўторнага прыняцьця Закону “Аб дабрачыннай дзейнасьці і дабрачынных арганізацыях” (закон прыняты ПП у 2002 г., адхілены прэзыдэнтам і вернуты ў ПП) з мэтай увядзеньня ў заканадаўства краіны вызначэньняў “дабрачынная дзейнасьць”, “дзейнасьць карысная для грамадзтва”, забароны на адраснае разьмеркаваньне ільготаў, замацаваньня агульнага падыходу да іх прадастаўленьня арганізацыям, што вядуць дабрачынную дзейнасьць.

-  Стварэньня стымулаў для нацыянальных прадпрымальніцкіх структураў, якія скіроўваюць сродкі на дабрачыннасьць.

-  Зьмены сыстэмы праўнага рэгуляваньня ў пытаньнях атрыманьня і выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай і тэхнічнай дапамогі.

Распрацоўваючы заканадаўства, неабходна грунтавацца на міжнародных стандартах у гэтай сфэры праўных стасункаў, а менавіта на “Базавыя прынцыпы статусу няўрадавых арганізацыяў у Эўропе” (Пастанова Камітэту міністраў Рады Эўропы), “Дапаможнік па распрацоўцы і ўжываньню законаў, што рэгулююць дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў” (Міжнародны цэнтар некамэрцыйнага права).


Права на аб’яднаньне павіннае стаць рэальнасьцю
Тэкст прапановаў грамадзкіх актывістаў па зьменах заканадаўства аб грамадзкіх арагнізацыях