Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 

Юрысты НДА гатовыя да новых сюрпрызаў ад ўладаў

 

У Менску 22 студзеня адбыўся круглы стол “Арганізацыя юрыдычнай дапамогі ў новых умовах дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў”. Сход быў прысьвечаны абмеркаваньню праекта новай рэдакцыі Закона аб грамадзкіх аб’яднаньнях і выпрацоўцы стратэгіі аказаньня прававой дапамогі суб’ектам грамадзянскай супольнасьці.

Мерапрыемства, арганізаванае Выканаўчым бюро Асамблеі НДА, Інавацыйным фондам прававых тэхналёгіяў і беларускім прадстаўніцтвам Асацыяцыі амерыканскіх юрыстаў (ABA/CEELI), сабрала больш за 60 праўнікаў, якія займаюцца аказаньнем прававой дапамогі няўрадавым арганізацыям ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

У ходзе пасяджэньня былі абмеркаваныя праблемы, зь якімі могуць сутыкнуцца грамадзкія арганізацыі ў выпадку прыняцьця праекта новай рэдакцыі Закона “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” у існуючым варыяньце. Выступоўцы правялі аналіз зьместу законапраекту. Асаблівая ўвага была нададзеная таму, што ў выпадку прыняцьця новага праекта Закона можа быць абвешчаная чарговая перарэгістрацыя грамадзкіх аб'яднаньняў. Асобна былі абмеркаваныя магчымасьці ўплыву НДА на зьмяненьне існуючага тэксту законапраекта і прасоўваньня ўласных прапановаў па паляпшэньні заканадаўства аб грамадзкіх аб'яднаньнях.

Падчас пленарнага паседжаньня і працы ў малых групах па такіх накірунках, як праблема юрыдычных адрасоў для некамэрцыйных арганізацыяў, інфармацыйны абмен і каардынацыя працы юрыстаў, сумесныя асьветніцкія дзеяньні і кансультацыі, адбыліся працяглыя дыскусіі. Вынікам абмеркаваньня сталі прапановы па паляпшэньні ўзаемадзеяньня юрыстаў, якія аказваюць дапамогу некамэрцыйным арганізацыям у Беларусі, і варыянты дзеяньняў у выпадку абвяшчэньня чарговай перарэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў.

У межах круглага стала прадстаўнікамі Інавацыйнага Фонда прававых тэхналёгіяў была праведзеная майстар-кляса “Прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў: праблемныя зоны”, падчас якой былі абмеркаваныя праблемы прававога стану НДА у Беларусі. У той жа дзень адбылася прэзэнтацыя інтэрнэт-рэсурса Інавацыйнага Фонда прававых тэхналёгіяў (http://nopi.iatp.by), на якім створаны разьдзел “Права НДА”, прысьвечаны прававому аспэкту дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў.

Юры Патоцкі


Кампанія "Наша салідарнасьць"
Юрысты НДА гатовыя да новых сюрпрызаў ад ўладаў