Хроніка кампаніі "Наша салідарнасьць"
Увесну 2003 году Мінюст Беларусі пачаў кампанію дзеля ліквідацыі шэрагу НДА. Пасьля падачы першых пазоваў аб ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў у Горадні, Гомелі і Менску Выканаўчае Бюро Асамблеі НДА арганізавала прэс-канфэрэнцыю. 29 красавіка 2003 г. лідэры непажаданых для ўладаў Беларусі арганізацыяў (гарадзенскай “Ратушы”, баранавіцкай “Варуты” і Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу) распавялі журналістам пра прычыны іх перасьледу і выказалі сваё стаўленьне да гэтай сытуацыі.
30 красавіка прайшло паседжаньне ініцыятыўнай групы, у якую ўвайшлі прадстаўнікі буйных няўрадавых арганізацыяў. На ім было прынятае рашэньне распачаць кампанію ў абарону грамадзкіх арганізацыяў “НАША САЛІДАРНАСЬЦЬ”. Мэта кампаніі - дэманстрацыя салідарнасьці з арганізацыямі, якія апынуліся пад пагрозай закрыцьця, і спроба папярэдзіць факты прымусовага закрыцьця іншых грамадзкіх аб’яднаньняў.
Пачаткам кампаніі “Наша Салідарнасьць” стаў калектыўны зварот, падпісаны 2 траўня 2003 г. кіраўнікамі 16 буйных грамадзкіх аб'яднаньняў да міністра юстыцыі сп. Галаванава з заклікам адклікаць з судоў пазовы аб ліквідацыі чатырох грамадзкіх арганізацыяў. У прыватнасьці, у звароце адзначалася: “Мы, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, выказваем сур'ёзную занепакоенасьць у сувязі з праблемай у вобласьці рэалізацыі і забесьпячэньня канстытуцыйнага права грамадзян на аб’яднаньне ў Рэспубліцы Беларусь.
Мы заклікаем Вас адклікаць заявы аб прымусовай ліквідацыі грамадзкіх аб'яднаньняў. У сувязі з узьніклай праблемай намі прынятае рашэньне аб правядзеньні грамадзкіх слуханьняў па абмеркаваньні пытаньняў рэгістрацыі, правядзеньня праверак дзейнасьці і ліквідацыі добраахвотных аб'яднаньняў грамадзянаў”.
7 траўня2003 г. адбылася другая прэс-канфэрэнцыя, арганізаваная Выканаўчым Бюро Асамблеі. На ёй было абвешчана пра пачатак кампаніі ў абарону НДА. Прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, якія ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі, заявілі для прэсы пра пачатак кампаніі “Наша Салідарнасьць”. Яны адзначылі, што ў сваім звароце да міністра юстыцыі Галаванава, падпісаным 2 траўня, ён быў запрошаны да адкрытага абмеркаваньня пытаньняў рэгістрацыі, правядзеньня праверак дзейнасьці і ліквідацыі добраахвотных аб'яднаньняў грамадзянаў.
12 траўня 2003 г. адбылася прэс-канфэрэнцыя “Ліквідуецца грамадзкае аб'яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы”. Хто наступны?”, з нагоды пастановы Ўпраўленьня юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму аб ліквідацыі гэтай арганізацыі. Гомельскае абласное грамадзкае аб’яднаньне стала чацьвертым па ліку ў шэрагу зачысткі пасьля гарадзенскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша”, грамадзкага аб’яднаньня “Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця “Варута”, грамадзкага аб’яднаньня “Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз”.
26 траўня 2003 г. былі зладжаныя грамадзкія слуханьні па абмеркаваньні пытаньняў рэгістрацыі, правядзеньня праверак дзейнасьці і ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у Рэспубліцы Беларусь. Гэтае мерапрыемства стала спробай грамадзкіх арганізацыяў знайсьці агульную мову з прадстаўнікамі дзяржавы ў пытаньнях, якія тычацца дзейнасьці трэцяга сэктару. У іх узялі ўдзел прадстаўнікі больш як 50 НДА. Міністэрства юстыцыі накіравала для ўдзелу ў грамадзкіх слуханьнях начальніка Ўпраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Міхаіла Сухініна і спэцыяліста гэтага ж Упраўленьня Аляксандра Харытона, вядомага як “удушыцеля” дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў. Інтарэс да праблемаў грамадзкага сэктару праявілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, сябры дэпутацкай групы “Рэспубліка” і прадстаўнікі дыпляматычных місіяў і міжнародных арганізацыяў АБСЭ і ААН.
Удзельнікі грамадзкіх слуханьняў прынялі Рэзалюцыю, у якой выказаліся на карысьць наладжваньня сталага дыялёгу паміж грамадзкімі аб’яднаньнямі і дзяржаўнымі органамі ў інтарэсах разьвіцьця і прасоўваньня грамадзкіх інтарэсаў. “Сёньняшні абмен меркаваньнямі дае надзею з асьцярожным аптымізмам глядзець у будучыню “трэцяга сэктару”, - адзначылі грамадзкія актывісты.
5 чэрвеня 2003 г. адбылася сустрэча лідэраў забароненых арганізацыяў з амбасадарамі замежных краінаў і прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў. Грамадзкія актывісты праінфармавалі прадстаўнікоў замежных краінаў і міжнародных арганізацыяў пра сытуацыю вакол юрыдычнай ліквідацыі беларускіх НДА. Падчас сустрэчы сябры арганізацыяў-ініцыятараў кампаніі “Наша Салідарнасьць” зьвярнуліся да прысутных прадстаўнікоў амбасадаў ЗША, Чэхіі, Латвіі, Украіны з просьбай паўплываць на дзеяньні беларускіх уладаў, якія скіраваныя на зьнішчэньне грамадзкага сэктару краіны. Сябры ініцыятывы выказалі надзею, што місія АБСЭ ў Беларусі стане пасярэднікам у арганізацыі дыялёгу паміж беларускімі грамадзкімі аб'яднаньнямі і ўладамі ў асобе Міністэрства юстыцыі, дзеля спыненьня наступу на грамадзкі сэктар і пачатку працы па дэмакратызацыі беларускага заканадаўства адносна няўрадавых арганізацыяў.
Спробы вырашыць канфлікт паміж няўрадавымі дэмакратычнымі арганізацыямі і ўрадам ня мелі станоўчага выніку. Таму 2 ліпеня2003 г.некалькі дзесяткаў лідэраў НДА падпісалі зварот да парлямэнтароў замежных краінаў. У звароце выкладзеныя факты па распачатай уладамі Беларусі ў красавіку-чэрвені 2003 г. “новай антыканстытуцыйнай кампаніі па перасьледзе структураў грамадзянскай супольнасьці і незалежнай прэсы”. Падпісанты просяць парлямэнтароў выказаць сваё стаўленьне да выкладзеных фактаў, давесьці яго да ведама ўраду Рэспублікі Беларусь, а таксама ўлічыць выкладзеныя факты пры ажыцьцяўленьні зьнешняй палітыкі. Пад зваротам паставілі подпісы старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Алесь Бяляцкі, прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, старшыня рэгіянальных рэсурсовых цэнтраў Віталь Васількоў (“Кола сяброў”), Алесь Мілінкевіч (“Ратуша”), Віктар Карняенка (“Грамадзянскія ініцыятывы”), Іна Кулей (“Наша Вежа”) і інш.
7 ліпеня2003 г.у межах кампаніі“Наша Салідарнасьць” была падрыхтаваная заява пратэсту супраць зьнішчэньня Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Я. Коласа. Яе падпісалі 14 лідараў НДА і накіравалі прэзыдэнту Беларусі, прэм'ер-міністру, міністру адукацыі, у Вярхоўны камісарыят ААН дзеля правоў чалавека, Камітэт ААН дзеля правоў дзіцяці, Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ.
25 верасьня 2003 г. у межах кампаніі “Наша Салідарнасьць” адбылася акцыя, у якой узялі ўдзел каля 50 сябраў недзяржаўных арганізацыяў, якія былі юрыдычна ліквідаваныя, альбо знаходзіліся ў працэсе ліквідацыі. Мэта акцыі – выказаць сваё абурэньне дзеяньнямі Мінюста і прадэманстраваць, што, нягледзячы на юрыдычную забарону, арганізацыі працягваюць дзейнасьць. Людзі ў накідках з назвамі арганізацыяў-ахвяраў “зачысткі”, якую ажыцьцяўляе ў грамадзкім сэктары Міністэрства юстыцыі, утварылі а 8:45 “жывы калідор” і на працягу 20 хвілінаў моўчкі сустракалі супрацоўнікаў міністэрства, якія ў гэты час ішлі на працу.
28 кастрычнiка2003 г. адбылося паседжаньне круглага стала з нагоды новай хвалі рэпрэсіяў супраць структураў грамадзянскай супольнасьцi. Удзел у ім ўзялі больш 50 лідараў НДА з усёй краіны. Вынікам сустрэчы стала распрацаваная стратэгія салідарных дзеяньняў арганізацыяў трэцяга сэктару ў сувязі з кампаніяй юрыдычнай ліквідацыі няўрадавага сэктару, былі вызначаныя формы й мэтады дзейнасьці юрыдычна ліквідаваных грамадзкіх аб’яднаньняў.
4 сьнежня2003 г. адбылося рабочае паседжаньне ўдзельнікаў круглага стала дзеля распрацоўкі стратэгіі, дзе быў прапанаваны плян яе рэалізацыі.
10 сьнежня 2003 г. з нагоды Дня прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека 12 арганізацыяў, якія былі пазбаўленыя легальнага статусу, накіравалі зварот да міністра юстыцыі Віктара Галаванава. "Мы хочам вольна працаваць у сваёй краіне. Мы працавалі і маем намер працаваць надалей такім чынам, каб нашая дзейнасьць ажыцьцяўлялася паводле заканадаўства нашае краіны і прынцыпаў дэмакратыі, - гаворыцца ў лісьце. - Вы зьняважылі нашае права на свабоду асацыяцыяў. Вы назаўсёды трапілі ў гісторыю як душыцель грамадзкага і праваабарончага руху ў Беларусі”. Зварот быў прыняты ў межах кампаніі “Наша Салідарнасьць”.
У лютым 2004 г. грамадзкія актывісты з розных рэгіёнаў краіны накіравалі запыты ў абласныя ўпраўленьні юстыцыі, а таксама ў Міністэрства юстыцыі. У запытах зьмяшчалася просьба прадаставіць інфармацыю пра колькасьць зарэгістраваных НДА ў асобных рэгіёнах і рэспубліцы, пра колькасьць праверак і ліквідацыяў арганізацыяў, зьдзейсьненых у 2003 г. Маніторынг існага становішча грамадзкіх арганізацыяў ажыцьцяўляўся ў межах стратэгіі салідарных дзеяньняў няўрадавых арганізацыяў, якая была распрацаваная ў 2003 годзе. Апрацаваныя вынікі маніторынгу будуць скарыстаныя для прававога аналізу дзеючага заканадаўства аб грамадзкіх арганізацыях у параўнаньні зь міжнароднымі стандартамі і заканадаўствамі суседніх краінаў. Гэта, у сваю чаргу, лягло ў аснову прапановаў па зьменах беларускага заканадаўства з мэтай стварэньня ўмоваў для разьвіцьця НДА.
3 сакавіка 2004 г. спэцыялісты ўпраўленьня юстыцыі менгарвыканкаму адмовіліся прадастаўляць грамадзянам краіны інфармацыю пра колькасьць НДА Менскага рэгіёну, а таксама пра колькасьць праверак і ліквідацыяў арганізацыяў, зьдзейсьненых у 2003 годзе. На думку чыноўнікаў, гэтая інфармацыя грамадзянаў ня тычыцца.
У ліпені 2004 г. пабачыла сьвет брашура “Сьведчаньні перасьледу беларускіх НДА”. У ёй зьмешчаныя вынікі маніторынгу перасьледу беларускіх НДА у 2003 і 2004 гадах, пададзеныя зьвесткі пра ліквідацыі і праверкі грамадзкіх аб’яднаньняў, сьпісы чыноўнікаў і судзьдзяў, што спрычыніліся да рэпрэсіяў супраць структураў грамадзянскай супольнасьці. Таксама ў брашуры была апублікаваная перапіска паміж міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым і намесьнікам старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім. Гэтыя раней невядомыя дакумэнты сьведчаць пра сыстэму кантролю за стварэньнем новых грамадзкіх аб'яднаньняў у Беларусі. Мэта выданьня – падаць грамадзтву інфармацыю пра падзеі і абставіны, пры якіх значную частку беларускай грамадзянскай супольнасьці выціснулі з легальнага поля дзейнасьці. Яго атрымалі грамадзкія актывісты, а таксама супрацоўнікі дзяржаўных органаў і судоў, якія непасрэдна спрычыніліся да мінулагодняй зачысткі.
14 верасьня 2004 г. адбылася прэзэнтацыя брашуры “Сьведчаньні перасьледу беларускіх НДА”. У ёй узяла ўдзел вядомы юрыст, старшыня забароненага “Незалежнага таварыства прававых дасьледаваньняў” Алена Танкачова, а таксама юрыст, каардынатар Сыстэмы калектыўнай абароны НДА Юры Чавусаў, якія далі прававую ацэнку дзеяньням дзяржаўных чыноўнікаў у галіне забесьпячэньня права на асацыяцыю.
4 кастрычніка 2004 г. скончылася кампанія “Паштоўка для міністра”, якая ладзілася актывістамі “Нашай Салідарнасьці” з нагоды 10-й гадавіны прыняцьця Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. Грамадзкія актывісты пісалі пра тое, што дзякуючы існаваньню такога закону яны атрымалі магчымасьць далучыцца да пабудовы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. За 10 год рознымі няўрадавымі арганізацыямі былі навязаныя шматлікія міжнародныя кантакты, праз якія грамадзкія актывісты іншых краінаў дазналіся пра Беларусь. У многіх ліставаньнях да міністра Галаванава людзі распавядалі пра ўласны досьвед грамадзкай дзейнасьці і выказвалі спадзяваньне, што ў хуткім часе Закон будзе выконвацца настолькі дэмакратычна, наколькі ён напісаны.
6 кастрычніка 2004 г. адбылася імпрэза, прысьвечаная 10-й гадавіне прыняцьця Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. На мерапрыемстве была прэзэнтаваная кніга “Права на аб’яднаньне. Беларусь 1994 - 2004” і было абвешчана пра пачатак выпрацоўкі калектыўных патрабаваньняў НДА аб зьменах заканадаўства, датычнага працы грамадзкіх арганізацыяў.
10 сьнежня 2004 г. адбылася прэс-канфэрэнцыя, на якой было заяўлена пра тое, што ў межах кампаніі “Наша Салідарнасьць” грамадзкія актывісты прадстаўляюць свае прапановы да зьменаў заканадаўства аб грамадзкіх арганізацыях у Беларусі. Таксама быў прэзэнтаваны пачатковы Пакет прапановаў, што выносяцца на абмеркаваньне грамадзкасьці. Далей гэтыя прапановы стануць падмуркам для салідарных патрабаваньняў беларускага трэцяга сэктару аб зьменах заканадаўства. Гэта яшчэ адна спроба актывістаў беларускага трэцяга сэктару зрабіць права на аб’яднаньне не дэкляратыўным, а рэальным правам грамадзянаў.
22 студзеня 2005 г. адбыўся круглы стол “Арганізацыя юрыдычнай дапамогі ў новых умовах дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў”. Мерапрыемства, арганізаванае Выканаўчым Бюро Асамблеі НДА, Інавацыйным фондам прававых тэхналёгіяў і беларускім прадстаўніцтвам Асацыяцыі амерыканскіх юрыстаў (ABA/CEELI), сабрала больш за 60 праўнікаў, якія займаюцца аказаньнем прававой дапамогі няўрадавым арганізацыям ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Сход быў прысьвечаны абмеркаваньню праекту новай рэдакцыі Закона аб грамадзкіх аб’яднаньнях і выпрацоўцы стратэгіі аказаньня прававой дапамогі суб’ектам грамадзянскай супольнасьці. У ходзе пасяджэньня былі абмеркаваныя праблемы, зь якімі могуць сутыкнуцца грамадзкія арганізацыі ў выпадку прыняцьця праекту новай рэдакцыі Закона “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” у існуючым варыяньце. Выступоўцы правялі аналіз зьместу законапраекту. Асаблівая ўвага была нададзеная таму, што ў выпадку прыняцьця новага праекту Закона можа быць абвешчаная чарговая перарэгістрацыя грамадзкіх аб'яднаньняў. Асобна былі абмеркаваныя магчымасьці ўплыву НДА на зьмяненьне існуючага тэксту законапраекту і прасоўваньня ўласных прапановаў па паляпшэньні заканадаўства аб грамадзкіх аб'яднаньнях.
19 красавіка 2005 г. адбыўся круглы стол, на якім быў абмеркаваны плян дзеяньняў па прасоўваньні прапановаў па зьменах у заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях. Удзел у мерапрыемстве ўзялі дэмакратычныя дэпутаты мясцовых саветаў, якія абяцалі дапамогу ў справе зьмяненьня заканадаўства аб НДА на дэмакратычны лад.
21 сакавіка 2005 г. былі накіраваныя першыя звароты да дзейсных дэпутатаў палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пададзеныя заявы на асабісты прыём да заканадаўцаў, а таксама накіраваныя звароты да старшыні Канстытуцыйнага суду. Грамадзкія актывісты, абапіраючыся на аналіз беларускага заканадаўства, сьцьвярджаюць, што “існуючае нарматыўнае рэгуляваньне зьяўляецца перашкодай для рэалізацыі грамадзянамі права на свабоду асацыяцыяў у Беларусі, яно уступае ў канфлікт з міжнароднымі абавязальніцтвамі нашай краіны ў сфэры правоў чалавека”. І просяць адпаведных асобаў, карыстаючыся правамі ў межах сваіх паўнамоцтваў, зрабіць неабходныя захады для прывядзеньня беларускага заканадаўства аб няўрадавых арганізацыях у адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі права на асацыяцыю.
Кампаніі Асамблеі