Агульнанацыянальная кампанія “Зробім лепш’03”
Хроніка кампаніі
15 лютага Выканаўчым бюро Асамблеі быў арганізаваны і праведзены круглы стол "Грамадзянскія кампаніі – эфэктыўны спосаб працы з грамадзтвам". У ім узялі ўдзел прадстаўнікі больш як 40 НДА. У выніку была заплянаваная кампанія "Зробім лепш'03", прызначаная на Сусьветны дзень здароўя – 7 красавіка. Таксама былі вызначаныя мэты кампаніі: паінфармаваць грамадзтва аб дзейнасьці НДА праз вырашэньне мясцовых праблемаў, зьвязаных з аховай здароўя.
Кампанія складалася зь некалькіх этапаў:
· Апытаньне жыхароў з мэтай прааналізаваць сытуацыю і высьветліць найважнейшыя праблемы, а таксама магчымыя шляхі іх вырашэньня. Для гэтага была распрацаваная і распаўсюджаная адмысловая анкета.
· Падрыхтоўчы этап уключаў у сябе: распрацоўка сцэнарыяў мерапрыемстваў, збор рэсурсаў, праца зь мясцовымі ўладамі.
· Правядзеньне кампаніі.
7 красавіка адбылася кампанія "Зробім лепш'03". Акцыі прайшлі ў Асіповічах, Бабруйску, Барані, Баранавічах, Барысаве, Берасьці, Віцебску, Воршы, Горадні, Глыбокім, Гомелі, Горках, Гурнаўшчыне, Клецку, Лідзе, Паставах, Мачулішчах, Менску, Магілёве, Наваполацку, Пінску, Рэчыцы, Слуцаку, Шаркаўшчыне, Жодзіне. Удзел у кампаніі ўзялі больш за 90 НДА па ўсёй Беларусі. Гэтым разам да кампаніі далучыліся дэпутаты мясцовых саветаў, прадпрымальнікі. Значна ўзрасла колькасьць звычайных людзей, якія ўдзельнічалі ў “Зробім лепш’03” у параўнаньні з мінулай кампаніяй.
Формы правядзеньня акцыяў:сустрэчы ў навучальных установах, правядзеньне гульняў "За здаровы лад жыцьця", раздача вітамінаў, перадача лекаў, кніжак і цацак дзецям зь незабясьпечаных сем'яў, экалягічныя дасьледваньні, віктарыны, спартовыя спаборніцтвы, уручэньні кветак і падарункаў дактарам і інш. супрацоўнікам мэдычных установаў, "Чысты горад – здароўе жыхароў Віцебска", круглы стол "Супрацоўніцтва дзеля здароўя дзяцей", "Здароўе нацыі" і г.д.
У межах кампаніі юрысты і мэдыкі падрыхтавалі брашуру “Правы пацыента”, якая была распаўсюджаная ва ўсіх рэгіёнах, дзе праходзіла кампанія “Зробім лепш’03”.
Акцыі, зладжаныя грмаадзкімі арганізацыямі і ініцыятывамі шырока асьвятляліся ў нацыянальных выданьнях, на дзяржаўных і недзяржаўных радыёстанцыях (у тым ліку FM-станцыях), некалькіх тэлеканалах.
Кампаніі Асамблеі