Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
The Assembly Of Pro-Democratic NGOs Of Belarus

Пра Асамблею  |   Старонка ў Facebook

 
 

Забарона дзйнасьці незарэгістраваных асацыяцыяў і крымінальная адказнасьць за яе: 193-1

З часу прыняцьця Дэкрэта прэзыдэнта ад 26 студзеня 1999 года № 2 у Беларусі забароненая дзейнасьць аб’яднаньняў, якія ня маюць дзяржаўнай рэгістрацыі. Пазьней гэтая забарона была ўнесеная у Законы “Аб палітычных партыях” і “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, а за яе парушэньне была ўсталяваная адміністратыўная адказнасьць з магчымым пакараньнем у выглядзе штрафа альбо арышта на тэрмін да 15 сутак.

З 2005 года сытуацыя з забаронай дзенайсьці незарэгістраваных аб’яднаньняў драматычна пагоршылася, паколькі была ўведзеная крымінальная адказнасьць за такую дзейнасьць. Законам ад 15 сьнежня 2005 года ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь быў унесены артыкул 193-1 “Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб'яданьня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасьці”, якім прадугледжанае пакараньне ў выглядзе штрафа альбо пазбаўленьня волі на тэрмін да двух год за ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда, якія ня маюць дзяржаўнай рэгістрацыі (незалежна ад мэтаў ці рода дзейнасьці такога аб’яднаньня). У раней існуючы артыкул 193 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які карае за дзейнасьць грамадзкага аб’яднаньня, што парушае правы грамадзянаў, была ўнеснная частка 2 з павышанай адказнасьцю у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да трох год за такую дзейнасьць, калі яна зьдзяйсьняецца незарэгістраваным аб’яднаньнем ці партыяй.

Праваабарончымі арганізацыямі на момант 1 чэрвеня 2009 года вядома пра абвінаваўчыя прысуды па артыкуле 193-1, вынесеныя на адрас 17 чалавек за пэрыяд 2006-2009 гг. Асноўная частка асуджаных належыць да ініцыятывы па назіраньні за выбарамі “Партнэрства” і да апазыцыйнага моладзевага аб’яднаньня “Малады фронт” (абедзьвюм арганізацыям да таго улады адмовілі ў рэгістрацыі). Апраўдальных прысудаў па артыкуле 193-1 не было зафіксавана.

Апроч таго, выносіліся афіцыйныя папярэджаньні пракуратуры з патрабаваньнем спыніць незаконную дзейнасьць без рэгістрацыі з пагрозай прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 193-1 на адрас сябраў ліквідаванага грамадзкага аб’яднаньня Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў, Саюза Палякаў на Беларусі (частка якога не прызнае дзеючае кіраўніцтва аб’яднаньня), аб’яднаньня “За свабоднае развіцё прадпрымальніцтва” і Ініцыятывы “За чысты Барысаў”. З улікам практычнай немагчымасьці зарэгістраваць аб’яднаньне, якое з’яўляецца непажаданым для дзеючага ўраду, наяўнасьць артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса робіць немагчымым нармальную рэалізацыю свабоды асацыяцыяў у Рэспубліцы Беларусь.


Арт. 22: Свабода асацыяцыі
Забарона дзйнасьці незарэгістраваных асацыяцыяў і крымінальная адказнасьць за яе: 193-1